UniCon 2015. «Спакуха!»: «Аўтаспынам па галактыцы» выйшаў па-беларуску - budzma.by

 

Культавы раман Дугласа Адамса «Аўтаспынам па галактыцы» пасля доўгіх гадоў чакання нарэшце выйшаў у перакладзе Паўла Касцюкевіча. Прэзентацыя, якая прайшла падчас фестывалю фэнтэзі, коміксаў і камп’ютарных гульняў  UniCon, сабрала ля стэнда купку міжгалактычных персанажаў, а таксама людзей з ручнікамі на шыі.

Супрацоўнікі выдавецтва «Логвінаў», у якім пабачыў свет пераклад, выклалі на прылавак роўна сорак дзве кнігі. Перакладчык Павел Касцюкевіч сустрэў прыхільнікаў «Падарожнай кніжкі для аматараў галактычнага аўтаспыну» ў шапачцы з фольгі і вітаннем «Спакуха!» – менавіта так слэнгава гучыць знакамітае “Don’t paniс!” у беларускай версіі. «Я аматар гэтай кнігі, хаця не магу сказаць, што вялікі фанат, я чытаў яе ўсяго пяць разоў, не больш, і фільм глядзеў, можа, разы тры», – сказаў ён.

Прэзентацыя прайшла ў фармаце «перакладчыцкага спойлера»: Павел Касцюкевіч расказаў, якія адпаведнікі падбіраў для знакавых паняццяў кнігі, і, трэба сказаць, часам ён дзейнічаў даволі радыкальна. Напрыклад, галоўны герой Форд Прэфект – госць з Бетэльгейзэ-5 – атрымаў новае імя, цяпер яго завуць Фольксваген Гольф. Рэч у тым, што іншапланетнік абраў сабе прозвішча, якое яму здавалася пашыраным на Зямлі: Ford Prefect — распаўсюджаная марка аўтамабіля ў Англіі 1970-х, перакладчык памяняў яе на больш знаёмую беларускаму вуху. Увогуле беларускія актуаліі ён смела ўлучыў у галактычныя: «Галактычны банк, у якім шарыкавыя асадкі адмывалі свае грошы, называецца «З’ешНеЭканомБанк», а трылогію усегалактычных філасофскіх хітоў пра Госпада Бога я прыпісаў філосафу Валенштайну-Акудовіцу».

Найлепшы алкагольны кактэйль у Сусвеце стараннямі Касцюкевіча быў названы «Пангалактычным Мазгатрушчам». А «Самы паскудны верш», які воган зачытвае героям перад тым як выкінуць іх з касмічнага карабля, паддаўся абеларушванню толькі мазгавым штурмам падчас Перакладчыцкай майстэрні пад кіраўніцтвам Андрэя Хадановіча. «Верш перакладалі 20 чалавек, мы проста кідалі самыя брыдкія словы і запісвалі іх на паперы», – успамінае перакладчык. Прачытаць мярзотны твор, а таксама даведацца пра іншыя перакладчыцкія хітрыкі можна тут.

«А як, вы думаеце, па-беларуску гучыць адказ на галоўнае пытанне?» – цікавіцца Касцюкевіч. «Сорак два!» – крычаць чытачы, размахваючы ручнікамі.

Беларускі пераклад знакамітага фантастычна-іранічнага рамана «Аўтаспынам па Галактыцы” цяпер можна купіць у кнігарні «логвінаЎ».

 

Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай http://budzma.by/